ПЕДАГОГІКА І ПСІХАЛОГІЯ
113
УДК 372.016:821.161.3*11
Т. М. Пучынская
САМАСТОЙНАЯ ПРАЦА ВУЧНЯЎ НАД ЭПІЧНЫМ ТВОРАМ ЯК СРОДАК ЯГО ПАГЛЫБЛЕНАГА АСЭНСАВАННЯ
У артыкуле разглядаецца арганізацыя самастойнай працы школьнікаў пры вывучэнні сучаснай беларускай прозы. Прапанаваныя формы самастойнай навучальнай дзейнасці старшакласнікаў развіваюць уменні працаваць з мастацкім тэкстам, крытычным матэрыялам, рабіць уласныя назіранні і вывады.
Уводзіны
Самастойная праца - неад’емная і надзвычай важная частка працэсу навучання. Яна дазваляе забяспечыць высокі ўзровень пазнавальнай актыўнасці вучняў, развіць іх уменне глыбока аналізаваць твор і выказваць самастойнае меркаванне.
Пытанням методыкі арганізацыі самастойнай працы вучняў па літаратуры прысвечаны шэраг даследаванняў: С. А. Акіева, Р. І. Альбеткавай, Р. Ф. Брандэсава, Т. Ф. Курдзюмавай, Б. А. Ланіна, Ю. І. Мізінай, Т. Р. Ніязматавай, Л. А. Сімаковай, Г. Я. Шышмаранковай і інш. [1]-[7]. Тым не менш гэтая праблема ў яе сучасным разуменні ў дачыненні да беларускай літаратуры знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. У нашым даследаванні прапанаваны асобныя моманты методыкі арганізацыі самастойнай працы старшакласнікаў. У якасці канцэптуальных падыходаў мы абапіраліся на наступныя аіульна-дыдакгычныя прынцыпы: сістэмнасці навучання, паступовага ўскладнення матэрыялу, пераходу да пошукавай дзейнасці, міжпрадметных сувязяў, пераемнасці ад сярэдняй да вышэйшай школы. Асноўная задача - апрабаваць формы самастойнай працы вучняў, якія рацыянальна спалучаліся б з дзейнасцю на ўроках і паглыблялі веды старшакласнікаў аб сучаснай прозе жанру.
Ва ўмовах пашырэння масавай культуры, зніжэння статуса чытання асабліва значным бачыцца далучэнне старшакласнікаў да складаных форм духоўных набыткаў чалавецтва -сучаснай беларускай прозы, прадстаўленай творчасцю В. Быкава. Менавіта яго аповесці, а таксама творы А. Куляшова, Я. Брыля і В. Казько мы выбралі ў якасці літаратурнага матэрыялу для правядзення эксперыментальнага даследавання.
Вынікі даследавання і іх абмеркаванне
Эфектыўным шляхам арганізацыі самастойнай працы адзінаццацікласнікаў над аповесцямі і раманамі мы лічым больш шырокае прыцягненне лінгвістычнай інфармацыі да вывучэння літаратуры ў школе. «Элементы творчасці ў самастойнай дзейнасці вучняў павінны нарастаць паступова..., але не толькі з класа ў клас, а і ўнутры кожнай тэмы, на кожным уроку. Нельга ігнараваць практыкаванні ўзнаўляльнага характару, але памылкова і абцяжарваць вучняў складанымі творчымі заданнямі без адпаведнага навучання іх спецыяльным уменням» [8, 162]. Каб захаваць прынцып даступнасці, навучальны лінгвістычны матэрыял для засваення старшакласнікамі быў дадзены па ўзроўнях:
1. Слова мастацкае і немастацкае (гутарковае, афіцыйна-дзелавое, навуковае).
2-3. Слова ў прозе і слова ў лірыцы: падабенства і адрозненне.
4. Слова ў прозе: схільнасць да лірыкі (лірычная проза), драмы (драматычная проза), уласна празаічны тэкст.
5. Самастойная творчая дзейнасць («спроба пяра» ў жанры прозы).
Выкананне першых двух заданняў для вучняў эксперыментальных класаў (СШ № 2 г. Клецка) было нескладаным, паколькі звязвалася з паўтарэннем вывучанага раней матэрыялу, але на больш высокім узроўні. Праз параўнанне ўрыўкаў з тэксту - мастацкага (проза В. Быкава) і немастацкага (на выбар вучня гутарковы або навуковы стыль) - вызначалася роля і арганізацыя слоў у розных жанрах.
У ходзе працы вучні павінны былі аргументаваць выкарыстанне слова немастацкага (слова як намінатыўнай адзінкі, якая ўжываецца для перадачы інфармацыі, слова як адназначнага для абазначэння прадметаў, дзеянняў, з’яў) і слова мастацкага (слова як асобнай тэмы, малюнка для перадачы вобраза; шматзначнасці, варыянтнасці разумення слоў; духоўнай інфармацыі) ў тэксце. Праца вучняў набыла больш мэтанакіраваны характар, калі настаўнік паказаў, якія асобныя аперацыі ўключае ў сябе ўменне аналізаваць мастацкае слова:
«1) уменне бачыць у тэксце выяўленчыя сродкі мовы;
2) удумвацца ў пераноснае значэнне слоў;
114
ВЕСНІК МДПУ імя І. П. ШАМЯКІНА
Слова ў лірыцы
- рытмічнасць і, як правіла, рыфмаванасць;
- выражэнне думкі, ідэі;
- больш інтымнае, чым дыялагічнае;
- больш эстэтычнае, чым інтэлектуальнае;
- разлічана на чытанне «сам сабе»;
- павышаная залежнасць слова ад іншых.
3) з дапамогай гэтых сродкаў уявіць сабе карціну прыроды, намаляваную аўтарам, знешні воблік героя, яго стан, настрой і інш.;
4) вызначыць для сябе ацэначны характар эпітэтаў, параўнанняў і інш.;
5) зразумець, на што хацеў звярнуць увагу чытача аўтар; якія яго адносіны да выяўленага ў творы;
6) умець зрабіць з папярэдняга аналізу выснову пра ролю выяўленчых сродкаў у дадзеным кантэксце» [8, 166].
Для актывізацыі дзейнасці вучняў уносіліся элементы інтэлектуальнага спаборніцтва: клас быў падзелены на групы. Сэнс заключаўся ў тым, каб пры адказе група мела за сабой апошні станоўчы адказ, застаючыся лідэрам гульні [9].
Другі крок у паглыбленні матэрыялу - праца са словам у межах твораў празаічных жанраў. У першым выпадку мы скарысталі вербальны шлях выкладання матэрыялу, у другім - выбралі вобразную мадэль ведаў, г. зн. табліцу, выкананую для кожнага школьніка ў камп’ютэрным варыянце з заданнем пацвердзіць альбо абвергнуць тэзісы пра існаванне адрозненняў паміж творамі празаічных і лірычных жанраў.
Слова ў прозе
- нерыфмаванасць і, як правіла, нерытмічнасць;
- выражэнне пачуццяў, эмоцый;
- больш дыялагічнае, чым інтымнае;
- больш інтэлектуальнае, чым эстэтычнае;
- разлічана на чытанне «ўголас»;
- больш свабоднае, простае, яснае.
З улікам падрыхтоўкі да алімпіяд, канферэнцый, паступлення па адпаведным профілі
ў ВНУ асобным вучням прапаноўвалася падрыхтаваць звязнае паведамленне разгортваннем думкі на канкрэтным літаратурным матэрыяле, які падбіраўся па тэматычным прынцыпе. Напрыклад, «Асаблівасці мастацкага слова ў прозе і лірыцы (на матэрыяле ваенных аповесцей В. Быкава і ваенных вершаў А. Куляшова)»:
1. Што агульнага і адметнага ў патрыятычным і гуманістычным пафасе ваеннай прозы В. Быкава і ваеннай лірыкі А. Куляшова? Адказ абгрунтуйце канкрэтнымі прыкладамі.
2. Параўнайце трагічнае гучанне ваеннай тэматыкі ў творчасці В. Быкава і А. Куляшова.
3. Назавіце адметныя мастацкія сродкі перадачы ідэй гераізму, патрыятызму ў прозе і паэзіі названых аўтараў.
Наступны этап паглыблення ведаў старшакласнікаў - праца над вызначэннем моўнай арганізацыі твораў, што належаць да жанраў прозы. Вядома, што існуюць аповесці, раманы, у якіх эмацыянальнасць тону выцясняе элементы сюжэта і набліжае прозу да лірыкі. Аднак менавіта на фоне гэтых прыкладаў акрэслена вылучаюцца ўзоры сучаснай прозы, у якіх слова ў мастацкіх адносінах з’яўляецца больш нейтральным. Выявіць такія адрозненні -значыць далучыць вучняў да разумення стылю пісьменніка. Дадзены матэрыял адпавядае школьнай праграме за 11 клас: тэорыя літаратуры - паглыбленне паняцця пра выяўленне аўтарскай пазіцыі ў мастацкім творы; мастацкія дэталі, іх ролю ў тэксце [10, 106]. У якасці прыкладу лірычнай прозы мы ўзялі творчасць Я. Брыля (паўтарэнне вывучанага ў 10 класе), а ўласна празаічныя якасці тэксту прадэманстравалі на аповесцях В. Быкава (11 клас) [11], [12]. Заўважым, што ў стымуляванні самастойнай працы старшакласнікаў добры эфект мела навучанне «з белымі плямамі». Так, звяртаючыся да апавяданняў Я. Брыля «Галя», «Memento mori», вучням указвалася на лірычную прыроду таленту пісьменніка, эмацыянальна-паэтычны спосаб асэнсавання рэчаіснасці, аднак канкрэтнае праяўленне гэтых асаблівасцей (выяўленне не столькі сюжэта, гісторыі персанажа, колькі іх пачуццёвых адбіткаў, настрою) выносілася на самастойную працу. Вучні запаўнялі «белыя плямы» інфармацыяй, самастойна здабытай у час знаёмства з творчасцю пісьменніка.
Дапамаглі вучням зрабіць вывады наступныя заданні:
1) прасачыце, як у апавяданнях Я. Брыля элементы прозы ўзаемадзейнічаюць з элементамі лірыкі;
2) параўнайце арганізацыю слоў у тэксце (частотнасць апісанняў, ужыванне эпітэтаў, унутраных маналогаў, манеру інтанавання слоў - мяккае, лірычнае ці стрыманае, строгае, нейтральнае і інш.) у прозе В. Быкава і Я. Брыля. Паспрабуйце зрабіць высновы пра жанрава-стылёвае падабенства і адрозненне твораў пісьменнікаў.
Як бачым, адрозненне гэтага задання ад папярэдняга заключаецца ў большай ступені самастойнасці школьнікаў, іх творчага пошуку, калі ад аналізу матэрыялу, прапанаванага
ПЕДАГОГІКА І ПСІХАЛОГІЯ
115
настаўнікам, адзінаццацікласнікі прыходзяць да спроб уласных разважанняў адносна стылёвых асаблівасцей вывучаемых твораў з ацэнкай матэрыял праз прызму родава-жанравых адрозненняў. Назіранні за навучальным працэсам і непасрэдна выкананнем вучнямі заданняў пацвярджаюць, што самастойная праца ў названым напрамку з’яўляецца эфектыўнай, калі ўключае наступныя этапы:
- асэнсаванне школьнікамі пастаўленай задачы;
- вылучэнне ўласных прапаноў, меркаванняў;
- выкананне задання;
- асэнсаванне вынікаў, апісанне высноў.
Эксперымент таксама выявіў, што важнай перадумовай арганізацыі самастойнай працы школьнікаў з’яўляюцца вусныя парады іх настаўніка, тлумачальная праца па азнаямленні з методыкай пазаўрочных заняткаў.
На заключным этапе арганізацыі самастойнай працы школьнікам прапанавалася напісаць мініяцюру ў прозе. Мэта такіх дзеянняў - наблізіць вучняў да разумения творчага працэсу, які ўключае як пазіцыю чытача, так і аўтара. Патлумачым падрабязней, якое канкрэтнае заданне мы мелі на ўвазе.
Варыянт 1. Паспрабуйце скласці апавяданне-мініяцюру ў жанры лірычнай прозы, афарбоўваючы тэкст у мяккі, эмацыянальны тон. Сюжэту надайце характар лірычнай замалёўкі, захоўваючы разгортванне эпічнага дзеяння. Па культываванні пачуццяў тэксту надайце якасць верша, але нерытмічнага і нерыфмаванага. Эмацыянальныя перажыванні лічыце як сродак набліжэння прозы да паэзіі. У якасці тэмы гутаркі і пачатку дзеяння звярніцеся да наступных радкоў:
Імгненне жыцця
Я ведаю, што лес, як і чалавек, мае добры ці кепскі настрой, свае ціхія радасці і свае засмучэнні, трывожныя думкі і бясхмарны спакой - усё тое, што толькі можа быць ад глыбокай, усепранікальнай мудрасці вечнага жыцця...
Варыянт 2. Складзіце апавяданне-мініяцюру ў «чыстым» жанры прозы, маючы на ўвазе неабходнасць выявіць перш за ўсё інтэлектуальныя перажыванні героя на аснове мастацкіх, эмацыянальных вобразаў. Сюжэту надайце больш стрыманы, паглыблены, канкрэтны эпічны характар. Паспрабуйце пачаць з наступнага:
Імгненне жыцця
Я ведаю, што лес мае свой настрой і гісторыю, мабыць, часам крыху нечаканую. Гісторыю, у якой свая праўда, - наканаваная і разам з тым нейкім чынам заканамерная...
Лічым неабходным адзначыць, што пасля выканання кожнага задання мэтазгодна, каб школьнікі схіляліся да стану рэфлексіі. Так, пасля напісання мініяцюр старшакласнікам былі дадзены наступныя пытанні:
1. Якія ўражанні вы атрымалі ад творчага працэсу?
2. Які з тэкстаў у вас атрымаўся больш удала? Чаму?
Такім чынам вучні набліжаюцца да самааналізу, разумення ўласнай схільнасці да пэўнага складу мыслення: практычнага, вобразнага; вобразна-аналітычнага ці вобразна-пачуццёвага.
Робячы некаторыя падагульненні, адзначым, што распрацаваныя намі шматузроўневыя заданні для самастойнай працы вучняў дапоўнілі ўрочную сістэму вывучэння аповесцей і раманаў аналізам яшчэ адной жанравай характарыстыкі, якая выражаецца ў моўнай арганізацыі тэксту. Заўважым, што названыя віды самастойнай працы дапамаглі наблізіць старшакласнікаў да элементаў даследчай дзейнасці, вырашаючы праблему пераемнасці ў навучанні паміж сярэдняй і вышэйшай школай, у чым і бачыцца актуальнасць прапанаванай методыкі. Шматгадовыя назіранні за выкладаннем гуманітарных дысцыплін у ВНУ (УА «Баранавіцкі дзяржаўны універсітэт») паказваюць, што сур’ёзным недахопам з’яўляецца слабое валоданне студэнтамі пачатковых курсаў методыкай набыцця ведаў з навуковых першакрыніц, матэрыялаў перыядычнага друку. Адна з прычын заключаецца ў тым, што ў школе гэтай методыцы, па сутнасці, не вучаць. Таму нам уяўляецца неабходным пашырэнне такіх форм працы, якія выпрацоўваюць навыкі ўласнага набыцця ведаў, выкарыстання літаратурных крыніц, асабістага вопыту і назіранняў; пашыраюць кругагляд, абуджаюць цікавасць да навукі і творчасці. Зыходзячы з гэтага, мэтазгодна, каб вучні, асабліва старшых класаў, уключаліся ў разнастайныя мерапрыемствы пазаўрочнага характару - алімпіяды, тыдні мовы і літаратуры, літаратурныя вечарыны, спецкурсы, школьныя канферэнцыі, семінары, матэрыялы да якіх рыхтуюцца вучнямі пад кіраўніцтвам настаўніка, але самастойна.
Такія меркаванні былі пацверджаны ў ходзе эксперыментальнай праверкі, якая заключалася ў прыцягненні адзінаццацікласнікаў да напісання дакладаў і рэфератаў. У якасці навучальнага
116
ВЕСНІК МДПУ імя І. П. ШАМЯКІНА
матэрыялу для даклада на школьную канферэнцыю была абрана тэма, звязаная з разглядам жанрава-стылёвых асаблівасцей твораў В. Быкава: паглыбленне ўяўлення аб прынцыпах спалучэння аповесці і рамана. Дадзенае заданне па сутнасці з’яўляецца працягам гутаркі па аповесці «Знак бяды» (11 клас), калі старшакласнікі на ўроку працавалі над жанрава-стылёвымі асаблівасцямі твораў В. Быкава, высвятляючы асаблівасці паэтыкі «лакальнай» аповесці. Далей вучням прапанавалася прааналізаваць пазапраграмны твор - аповесць «Кар’ер». Заданне мае даследчы і адначасова творчы характар, таму што «...творчымі... можна назваць такія работы, у якіх аналізуюцца творы, якія не разбіраюцца настаўнікам у класе, калі школьнікі зусім самастойна спасцігаюць ідэйна-мастацкую сутнасць твора, даюць уласную ацэнку яго, вызначаюць жанр, параўноўваюць розныя творы» [8, 160].
Пры падрыхтоўцы дакладаў з метадычнага боку апраўдалі сябе карткі-інструкцыі, у якіх вызначана паслядоўнасць выканання вучнем разумовых аперацый, аб’ём працы, асноўныя накірункі ўласнага пошуку. Прывядзём узор такой карткі: прачытайце аповесць В. Быкава «Кар’ер». Дайце адказ на наступныя пытанні і заданні ў форме звязнага паведамлення на тэму: «Асаблівасці жанравай спецыфікі твораў В. Быкава (на прыкладзе аповесці “Кар’ер”)».
1. Як вы разумееце сутнасць і значэнне паняцця «жанр празаічнага твора», «жанравая спецыфіка»?
2. Ці заўсёды лёгка вызначыць жанр, размежаваць апавяданне, аповесць, раман? Чым гэта абумоўлена?
3. Чаму літаратуразнаўцы, разважаючы аб жанравых разнавіднасцях быкаўскай аповесці, даюць творам пісьменніка, па сутнасці, супрацьлеглыя назвы: то аповесць -апавяданне, то аповесць-раман (раманная аповесць).
4. Аўтарскае вызначэнне жанру ўласных твораў і меркаванне даследчыкаў літаратуры на гэты конт не заўсёды супадае. В. Быкаў назваў «Кар’ер» раманам. Прааналізуйце асноўныя тыпалагічныя рысы аповесці і рамана, паспрабуйце зрабіць самастойныя высновы пра жанр названага твора і яго асноўную праблематыку.
Матэрыялы для працы:
1. Тычына, М. Новае жыццё жанру / М. Тычына // Полымя. - 1992. - № 2. - С. 226-250.
2. Афанасьеў, В. І. Апостальскі час / В. І. Афанасьеў // Полымя. - 1995. - № 2. - С. 200-212.
3. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. - Мінск, 1984-1987. - Т. 2 : Габой - Карціна / І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.].-1985. - С. 427-428.
Схема працы па такой картцы наступная: пытанне - аналіз вучнем навуковых і мастацкіх крыніц - адказ. Аднак паслядоўнасць дзеянняў можа быць і іншай: навуковы тэзіс (цытата, выпіска, думка) - ілюстраванне настаўнікам яго на прыкладзе — аналіз вучнямі аналагічных прыкладаў - адказ. Прывядзём яшчэ адзін прыклад самастойнай даследчай дзейнасці старшакласнікаў на матэрыяле твораў для самастойнага чытання (9 клас, «Хроніка Быхаўца») і пазапраграмнай літаратуры (11 клас, «Хроніка дзетдомаўскага саду» В. Казько). У якасці навуковай пасылкі была выбрана думка пра тое, што мастацтва ў сваім развіцці прайшло некалькі этапаў. Першы характарызаваўся тым, што ў творах пераважала форма над зместам, аб’ектыўнае над суб’ектыўным, знешняя фактаграфія над выяўленнем унутранага свету мастака; другі (класічны) - гармоніяй гэтых супрацьлеглых пачаткаў; трэці - дамінаваннем думак, ацэнак аўтара, яго перажыванняў. Дадзенае палажэнне ілюстравалася настаўнікам на прыкладзе жывапісу: старажытныя наскальныя малюнкі як адбітак знешніх асаблівасцей рэчаў, спроба капіравання. Карціны эпохі Адраджэння (Леанарда да Вінчы, Рафаэль, беларускі сармацкі партрэт) як імкненне напоўніць форму зместам, перадаць і знешняе аблічча прадметаў, і іх духоўную сутнасць. Сучасны жывапіс, асабліва нерэалістычны (С. Далі, М. Шагал, М. Селяшчук, апошнія карціны Г. Вашчанкі і інш.) як дамінаванне ідэі, суб’ектыўнага пачатку. Далей вучні па аналогіі прасочвалі развіццё літаратуры з апорай на жанравую спецыфіку (жанр прозы - хроніка), адказваючы на наступныя пытанні па картцы:
1. Звярніцеся да «Хронікі Быхаўца». На што зроблены акцэнт у творы: перадача сюжэта ці думак, ідэі? Ці можна сказаць, што «Хроніка» - гэта «чыстае» летапісанне без элементаў вобразнасці, без унутраных ацэнак аўтарам гістарычных падзей?
2. Што ўяўляюць сабой сучасныя празаічныя творы, у прыватнасці «Хроніка дзетдомаўскага саду» В. Казько? Наколькі ў рамане акрэслены сюжэт (форма)? Для чаго аўтар яе разбурае? Чаму імкнецца да абстрактнасці? Якія духоўныя каштоўнасці сцвярджае?
ПЕДАГОГІКА І ПСІХАЛОГІЯ
117
3. Параўноўваючы абодва творы, паспрабуйце зрабіць высновы пра агульныя тэндэнцыі ў развіцці беларускай літаратуры на прыкладзе хранікальнага жанру прозы.
Адказы вучняў экспериментальных класаў з аналізам навуковай літаратуры, самастойнымі назіраннямі, спробай канцэптуальных разважанняў і абагульненняў сталі пераканаўчым доказам эфектыўнасці прапанаваных заданняў для самастойнай працы.
Прапанаваная методыка арганізацыі самастойнай працы старшакласнікаў абмеркавана на пасяджэнні вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры СШ № 2 г. Клецка і рэкамендавана да ўкаранення настаўнікамі школы ў вучэбны працэс.
Вывады
У цэлым апрабацыя прапанаваных відаў і форм самастойнай працы вучняў выявіла наступнае: па-першае, жанр з’яўляецца эфектыўнай дамінантай вывучэння прозы не толькі на ўроках літаратуры, але і ў пазаўрочнай дзейнасці, забяспечваючы цэласнае, сістэмнае, паглыбленае засваенне праграмных твораў.
Па-другое, неабходна больш шырока ўкараняць самастойную працу школьнікаў пры вывучэнні прозы, паколькі, па выніках эксперыменту, менавіта ёй пры чытанні аддае перавагу большасць вучняў, лічыць больш даступнай і цікавай для самастойнага асэнсавання і аналізу. Пры гэтым важна, каб школьнікі маглі самастойна засвойваць і інтэлектуальную прозу.
Па-трэцяе, пашырэнне самастойнай працы набывае асаблівую актуальнасць для выпускнікоў школ, што тлумачыцца неабходнасцю развіцця ў старшакласнікаў такіх якасцей, як уменне працаваць з першакрыніцамі, крытычнай літаратурай, перыядычнымі выданнямі; здольнасць рабіць канспектыўныя выпіскі, самастойныя назіранні, супастаўленні, параўнанні, абагульненні, высновы; магчымасць планаваць уласную дзейнасць, рэгламентаваць час, прыкладаць валявыя намаганні для дасягнення пастаўленых мэт, пазбягаць недапрацовак па іншых дысцыплінах. Адзначаныя акалічнасці якраз і дазваляюць рэалізаваць прынцып пераемнасці адукацыі паміж сярэднім і вышэйшым звяном, інтэнсіфікаваць навучальны працэс у цэлым.
Літаратура
1. Проблемы преподавания литературы в средней школе : пособие для учителя / Т. Ф. Курдюмова [и др.] ; под ред. Т. Ф. Курдюмовой. - М. : Просвещение, 1985. - С. 157-171.
2. Курдюмова, Т. Ф. В чем главное направление поиска?: Об активизации самостоятельной работы учащихся на уроках литературы / Т. Ф. Курдзюмова // Лит. в шк. - 1987. - № 2. - С. 29-34.
3. Урок литературы : пособие для учителя / сост. Т. С. Зепалова, Н. Я. Мещерякова. - М. : Просвещение, 1983. - С. 1о8-120.
4. Вучэбная праграма для агульнаадукацыйных школ з беларускай і рускай мовамі навучання. Беларуская літаратура. V-XI класы. - Мінск : НМУ «Нацыянальны інстытут адукацыі», 2008. - 152 с.
5. Локун, В. І. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы. 1950-1960 гады / В. І. Локун. - Мінск : Навука і тэхніка, 1995. - 109 с.
6. Тычына, М. В. Быкаў і мы / М. В. Тычына // Полымя. - 1994. - № 6. - С. 207-219.
7. Ланин, Б. А. Самостоятельная работа учащихся по изучению романа Е. Замятина «Мы» : материалы для эксперим. работы / Б. А. Ланин ; Акад. пед. наук СССР, Науч.-исслед. ин-т общ. сред. образования. - М., 1991. - 30 с.
8. Ниязматова, Т. Р. Самостоятельная работа учащихся на уроках литературы : пособие для учителей / Т. Р. Ниязматова. - Ташкент : Узбекистан, 1984. - 62 с.
9. Самостоятельный анализ художественного текста на уроке литературы : метод. рекомендации для учителей сред. шк. / авт.-сост. Р. Ф. Брандесов. - Челябинск : Просвещение, 1988. - 71 с.
10. Симакова, Л. А. Самостоятельная работа учащихся в процессе анализа художественного произведения в 4-7 классах : пособие для учителя / Л. А. Симакова. - Киев : Слово, 1987. - 111 с.
11. Акиев, С. А. Самостоятельная работа учащихся на уроках литературы / С. А. Акиев // Лит. в шк. -1994. - № 2. - С. 67-70.
12. Шишмаренкова, Г. Я. Комплексное использование дидактических приемов и методов для развития познавательной самостоятельности учащихся: уроки литературы / Г. Я. Шишмаренкова // Вестн. Челяб. ун-та. Сер. 2, Филология. - 1997. - № 2. - С. 112-120.
Summary
The article describes organization of pupils’ independent work while studying modern Belarusian prose. The author offers such forms of independent activities that develop pupils’ abilities to work with fiction text, critical materials, to make their own observations and conclusions.
Паступіў у рэдакцыю 28.01.09.