Научная статья на тему 'Да пытання аб старажытнай спадчыне Мазыра'

Да пытання аб старажытнай спадчыне Мазыра Текст научной статьи по специальности «История и археология»

CC BY
145
73
i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.

Аннотация научной статьи по истории и археологии, автор научной работы — Барсук Алена Яўгенаўна

Геапалітычнае становішча Мазыра, на скрыжаванні водных і сухапутных шляхоў, адбілася на гістарычным і культурным развіцці горада, поліканфесійнай сітуацыі, яго абліччы і пакінула унікальную гісторыка-культурную спадчыну, якая адлюстроўвае галоўныя вехі гісторыі Беларусі ў цэлым і паказвае рэгіянальныя рысы. Найбольш адметныя помнікі гісторыі і культуры старажытнага горада ўключаны ў Нацыянальны рэестр помнікаў гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь. Гэта ўмацаванае гарадзішча жалезнага веку ў Кімбараўцы, замчышча на гары Камунараў, кляштар цыстэрцыянцаў па вул. Гогаля, кляштар бернардзінцаў і інш.

i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.
iНе можете найти то, что вам нужно? Попробуйте сервис подбора литературы.
i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.

Geopolitical position of Mozyr on the cross-road of water and land ways was reflected on historical and cultural development of the town, its polyconfession situation, its look and it left unique historic-cultural heritage, which reflects the main stages of Belarusian history in the whole and shows its regional characteristics. The most significant historical and cultural monument are included in the National register of historical and cultural monuments in Belarus. They are an ancient settlement of the Iron Age in Kimberovka, a castle on Communary mountain, Cisterian monastery in Gogol street, Bernardine monastery and others.

Текст научной работы на тему «Да пытання аб старажытнай спадчыне Мазыра»

ПСГОРЫЯ

37

Г І С Т О Р Ы Я

УДК 94(476.2)

А. Я. Барсук

ДА ПЫТАННЯ АБ СТАРАЖЫТНАЙ СПАДЧЫНЕ МАЗЫРА

Геапалітычнае становішча Мазыра, на скрыжаванні водных і сухапутных шляхоў, адбілася на гістарычным і культурным развіцці горада, поліканфесійнай сітуацыі, яго абліччы і пакінула унікальную гісторыка-культурную спадчыну, якая адлюстроўвае галоўныя вехі гісторыі Беларусі ў цэлым і паказвае рэгіянальныя рысы. Найбольш адметныя помнікі гісторыі і культуры старажытнага горада ўключаны ў Нацыянальны рэестр помнікаў гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь. Гэта ўмацаванае гарадзішча жалезнага веку ў Кімбараўцы, замчышча на гары Камунараў, кляштар цыстэрцыянцаў па вул. Гогаля, кляштар бернардзінцаў і інш.

Уводзіны

Даследаванне гісторыка-культурнай спадчыны Мазыра дае магчымасць прасачыць галоўныя вехі гісторыі Беларусі ў цэлым, пачынаючы ад старажытнасці і спыняючыся на сучаснасці, паказаць рэгіянальныя рысы. Актуальнасць тэмы абумоўлена таксама неабходнасцю асэнсавання беларускім грамадствам свайго мінулага, сучаснага і будучага, што спрыяе выхаванню патрыятызму.

Геапалітычнае становішча Мазыра, на скрыжаванні водных і сухапутных шляхоў з захаду на ўсход і з поўначы на поўдзень, адбілася на гістарычным і культурным развіцці горада, поліканфесійнай сітуацыі, яго абліччы, нацыянальным складзе насельніцтва і пакінула унікальную гісторыка-культурную спадчыну. Яе каштоўнасці з’яўляюцца адлюстраваннем працэса ўзаемадзеяння цывілізацыйных, геапалітычных, сацыяльна-эканамічных і этнакультурных фактараў фарміравання беларускага народа.

Вынікі даследавання і іх абмеркаванне

Першае паселішча на тэрыторыі сучаснага Мазыра адносіцца да бронзавага веку і знаходзіцца ва ўрочышчы Кімбараўка, па вуліцы Гогаля. Раскопкі пасялення дазваляюць зрабіць вывад, што яно працягвала функцыянаваць і ў перыяд жалезнага веку, а найбольш інтэнсіўна дзейнічала ў VIII-XI стст., калі стала ўмацаваным. Гарадзішча размешчана на правым беразе Прыпяці, на высокім мысе паміж двума ярамі на вышыні 20-25 м. З заходняга боку захаваліся вал вышынёй да 4 м і роў глыбінёй да 3 м. Вал быў насыпаны ў некалькі прыёмаў з выкарыстаннем драўляных крапёжных збудаванняў. За валам было вялікае паселішча, якое з усходу ад ракі паўколам ахоплівала старажытная агароджа.

Падчас археалагічных даследаванняў былі знойдзены цікавыя рэчы: палова сярэбранага дырхема (манетны двор Ал-Мухамедыя 798-799 гг.), бронзавыя паясныя бляшкі, шыферныя і гліняныя праселкі, васьмігранная сердалікавая пацерка, бронзавая фібула, калачападобнае крэсіва, шматлікі керамічны посуд, - што пацвярджаюць актыўную ролю Мазыра ў гандлі з Кіевам і іншымі гарадамі Падняпроўя і Палесся [1, 37].

Асаблівасцю кімбараўскага гарадзішча з’яўляецца адсутнасць земляробчага матэрыялу і наяўнасць рэшткаў рамесніцкага і воінскага прызначэння. Магчыма, Кімбараўка была гарадзішчам-сховішчам, адміністрацыйным, гандлёва-рамесным і культурным цэнтрам і праіснавала да канца ХІ ст. Тут не знойдзена рэчаў, якія датуюцца пазней ХІ ст.

У ХІІ ст. жыццё перамясцілася на сучасную гару Камунараў, дзе ўзнік умацаваны дзяцінец. Там не выяўлена знаходак, якія датуюцца раней ХІІ ст. Назіраецца храналагічная пераемнасць рэчавага матэрыялу Кімбараўкі і пасялення на гары Камунараў: ніжняя мяжа археалагічных знаходак і культурнага пласта замчышча супадае з верхняй мяжой існавання кімбараўскага

38

ВЕСНІК МДПУ імя І. П. ШАМЯКІНА

гарадзішча. Аднак нельга ўпэўнена сказаць, што менавіта мясцовыя жыхары перасяліліся на больш зручнае месца - Спаскую гару (Замчышча). Чаму кімбараўскае гарадзішча спыніла сваё існаванне, дакладна невядома. Па адной з версій гэта было звязана з распаўсюджваннем хрысціянства.

Упершыню Мазыр узгадваецца ў 1155 г. у Іпацьеўскім летапісе, калі вялікі князь кіеўскі Юрый Даўгарукі перадаў горад свайму саюзніку, чарнігаўскаму князю Святаславу Ольгавічу.

У ХІІ-ХІІІ стст. Мазыр быў адным з самых значных гарадоў Тураўскага княства, якое мела асобныя адносіны з Кіевам. Гэта было абумоўлена тым, што Туравам заўсёды валодаў старэйшы сын вялікага князя кіеўскага і пасля яго смерці займаў і вялікакняжацкі «стол». Тураўскае княства межавала з Польшчай, таму князі ў міжусобнай барацьбе за кіеўскі прастол часта звярталіся за дапамогай да «ляхаў».

Адметны стан Мазыра спачатку тлумачыўся тым, што горад знаходзіўся на гандлёвым шляху «з варагаў у грэкі». Затым ён становіцца значным стратэгічным пунктам, палітычным і гандлёва-рамесным цэнтрам Палескага рэгіёна, дзякуючы свайму размяшчэнню на скрыжаванні буйных водных (Прыпяць, Пціч) і сухапутных (Жытомір-Бабруйск, Рагачоў-Рэчыца-Пінск) шляхоў.

Першапачатковае месцазнаходжанне летапіснага Мазыра можна акрэсліць у раёне сучаснай гары Камунараў. Тут быў пабудаваны дзяцінец. Узвышаючыся над ярамі і пакатымі схіламі на 15-20 м, ён з трох бакоў быў непрыступным. З паўднёвага боку дзяцінца знаходзілася неўмацаваная частка горада - гандлёва-рамесніцкі пасад (прыблізна раён сучасных вуліц: Ленінская, Камсамольская, Калініна). Гэта было тыповае сярэдневечнае ўсходнеславянскае паселішча, аб чым сведчаць знаходкі рэшткаў паўзямлянак, гаспадарчых пабудоў, рамесных вырабаў. У выніку археалагічных раскопак на гары Камунараў была сабрана вялікая калекцыя бытавога посуду, кафлі, вырабаў са шкла, косці, металу [2, 24]. У мазырскім дзяцінцы існавала камнярэзная майстэрня, што пацвярджаюць сотні кавалкаў бардовага шыферу, з якога выраблялі прасліцы і іншыя дробныя рэчы. На замчышчы знойдзены іншыя вырабы з камення: моцна спрацаваныя тачыльныя брускі розных часоў (XIII-XVI стст.), палова жорнаў, каменнае ядро XV - першай паловы XVI ст. [3, 66]. Археалагічны матэрыял сведчыць аб актыўным гаспадарчым жыцці ў сярэдневечным Мазыры.

Горад знаходзіўся на шляху заваёўнікаў з поўдня і паўднёвага ўсходу і неаднаразова зведаў напады іншаземцаў.

У 1497 г. крымскія татары захапілі і разрабавалі горад, забілі Кіеўскага мітрапаліта Макарыя [4, 124]. Іх напады адбываліся ў 1508 г. і 1521 г., калі Мазыр быў спалены. А ў 1527 г. мяшчане нават былі вызвалены ад «грошавай, медовай, бабровай дані з-за татарского опусташения» [5, 173]. Барацьба са шматлікімі татарскімі ордамі знайшла адлюстраванне ў народнай творчасці. Вядомы рускі этнограф і краязнаўца П. М. Шпілеўскі ўзгадвае легендарных герояў народных песняў. Так, «Неустрашимый Базар не раз громил татар», і ў якасці ўзнагароды за мужнасць атрымаў ад вялікага князя Літоўскага Жыгімонта І маёнтак Іпогор. Хутка ў бітве з ворагамі мужны воін загінуў, і маёнтак перайшоў ва ўладанне «храброго воина Демяна Ленка» [6, 19].

Цярпеў Мазыр і ад маскоўскіх войскаў. Падчас вайны 1506-1508 гг. з Маскоўскім княствам, у сакавіку 1508 г. горад стаў рэзідэнцыяй мяцежніка Міхаіла Глінскага «частью силой, частью подачей от шляхты». Падчас новай вайны з Вялікім княствам Маскоўскім у 1535 г. Мазыр быў захоплены і разбураны рускімі войскамі.

Дакладных звестак аб часе ўзнікнення мазырскага замка няма. Аднак замак ужо існаваў на пачатку XVI ст. «Устава» Мазырскага павета 1501 г. узгадвае павіннасці гарадскога насельніцтва на патрэбы замка. Вядома, што ў 1543 г. замак меў вежу-браму з пад’ёмным мастом. Агульная працягласць умацаванняў складала 146 сажняў (прыкладна 281 м). У замку знаходзіўся склад зброі і скарбніца [7, 39].

Інвентар Мазыра 1552 г. сцвярджае, што ў гэты час разам з «варотнай» існавалі тры вежы, дзве з якіх былі семіяруснымі. Вежы злучаліся сцяной, якая складалася з 25 гародняў - драўляных трохсценных зрубаў, абмазаных знадворку гліняным растворам. Замак быў акружаны высокім валам і ровам, праз які быў перакінуты мост. Ён злучаў замак з прадзамкавай тэрыторыяй -парканам, дадатковай лініяй умацаванняў, дзе знаходзіліся падсобныя памяшканні і царква св. Мікалая. На думку вядомага беларускага гісторыка А. А. Трусава, прадзамак знаходзіўся на суседнім узвышшы, якое пазней атрымала назву Мікольскай гары (ад назвы царквы).

ГІСТОРЫЯ

39

Перад замкам існавалі гаспадарчыя пабудовы: «дворец», стайня, бровар, псарня і інш. Гэтыя звесткі пацвярджаюць вынікі археалагічных раскопак, праведзеных каля падножжа Замкавай гары. Падчас іх на паўднёва-заходнім схіле былі выяўлены рэшткі мураванай брамы або вежы сярэдзіны XVI - пачатку XVII стст. і драўлянай замкавай пабудовы XV-XVII стст. Найбольшую цікавасць уяўляе адна з замкавых горніц, дзе знаходзілася печ, абкладзеная зялёнай паліванай, з геаметрычным арнаментам, кафляй сярэдзіны XVI ст. Верх печы быў аздоблены дэкаратыўнымі каронкамі, на адной з іх размешчана партрэтная выява жанчыны ў касцюме эпохі Рэнесансу - т. зв. «мазырская мадонна». Знойдзена таксама кафля ў выглядзе чалавечай галавы [8, 39].

Паводле інвентара 1576 г., замак меў ужо 5 вежаў, якія аб’ядноўваліся паміж сабой сценамі з тоўстых дубовых бярвенняў вышынёй 8-10 м. Абароназдольнасць замка ўзмацнялася за кошт паркану. Працягласць гэтай знешняй лініі ўмацаванняў дасягала 169,5 сажняў (каля 339 м). Яна складалася з дамоў «с подсябитьем» - з байніцамі - і гародняў. Відавочна, што тэрыторыя замка была значна пашырана і заняла абедзве часткі гары - былых Спаскай і Мікольскай.

Перад парканам са знешняга боку быў роў. Трапіць у Мазыр можна было праз тры брамы па перакінутых мастах. Па схілах узвышша вакол замку былі размешчаны дамы, майстэрні і гаспадарчыя пабудовы мяшчан [9]. Назіраецца цікавая асаблівасць: замак быў абнесены ўмацаваннямі (сцены, гародні, паркан, вежы) толькі з трох бакоў. З боку высокага і абрывістага берага Прыпяці іх не было. У XVII ст. вышыня гэтай часткі гары дасягала больш 40 м.

Некалькі тысяч знойдзеных рэчаў падчас раскопак сведчаць аб інтэнсіўным жыцці на замчышчы ў XV-XVII стст. Гэта кухонны і сталовы паліваны посуд, розныя вырабы з косці і шкла, гаспадарчыя прылады (нажы, серп, каса, цуглі), зброя, кавалкі вялікапамернай цэглы таўшчынёй да 9 см, некалькі галандскіх люлек, манеты Рэчы Паспалітай XVI-XVI стст. [2, 24].

Замак як моцнае фартыфікацыйнае збудаванне перастаў існаваць у 1649 г. падчас казацка-сялянскай вайны 1648-1651 гг. у Рэчы Паспалітай. Замак і гарадскія ўмацаванні былі спалены гетманам Янушам Радзівілам пасля перамогі над казакамі Міхненкі, што зачыніліся ў горадзе. У XVIII ст. мазырскі замак меў толькі адміністрацыйнае значэнне і складаўся з драўлянага палаца ў цэнтры і гаспадарчай зоны.

Да нашых дзён успамінам аб былой велічы мазырскага замка з’яўляецца мураваны будынак былой замкавай скарбніцы. Ён адзначаны на планах горада 1769 г., 1825 г. [10, 19], [11]. Аб ім узгадвае складзенае пасля далучэння горада да Расіі, у канцы XVIII ст., «Топографическое описание Минской губернии»: «отменных зданий никаких не имеется, за исключением одного бернардинского каменного кляштора и развалившихся двух земляных замков, называемых старым и новым, на коих в старом одна только деревянная церковь, а в новом - ветхий дом для присутственных мест и при нем каменный архив» [12, 123].

Беларусь з прычыны свайго геапалітычнага размяшчэння апынулася на мяжы двух хрысціянскіх веравызнанняў і стала месцам сутыкнення і ўзаемадзеяння цывілізацый, што абумовіла яе канфесійную своеасаблівасць.

Так, у Мазыры ў XVI-XVIII стст. назіраецца унікальнае поліканфесійнае становішча. Тут налічвалася 5 праваслаўных цэркваў і кляштар, дзейнічалі розныя манаскія ордэны: езуіты, бернардзінцы, цыстэрцыянцы, кармеліты і марыявіткі, базыльяне, існавала сінагога. Да нашых дзён дайшлі толькі мураваныя будынкі бернардзінскага і цыстэрцыянскіх кляштароў. Праваслаўныя храмы Мазыра былі драўлянымі і да нашых дзён не захаваліся.

Першыя дакладныя архіўныя звесткі аб існаванні праваслаўных храмаў у горадзе адносяцца да сярэдзіны XVI ст. Дзяржаўныя інвентары Мазыра 1552 г. і 1576 г. згадваюць 5 праваслаўных цэркваў: Спаская (Праабражэння Гасподняга); Мікольская; Міхайлаўская; Прэсвятой Багародзіцы; Пятніцкая або Св. Параскевы.

Наяўнасць такой колькасці праваслаўных храмаў у XVI ст. сведчыць аб панаванні праваслаўя на Мазыршчыне нават у той час, калі дзяржаўная палітыка Вялікага княства Літоўскага ў дачыненні да рэлігіі мела пракаталіцкі характар і новыя праваслаўныя прыходы ў Беларусі адчыняліся марудна, а іх колькасць з цягам часу скарачалася. Да пачатку XVII ст. пераважная роля праваслаўя на Мазыршчыне захоўвалася. Яшчэ ў 1615 г. мазырскі земскі пісар Фёдар Абуховіч заснаваў праваслаўны жаночы кляштар з царквою св. Параскевы [13]. Гэта адзіны помнік праваслаўнага дойлідства ў Мазыры - вядомы па свайму знешняму

40

ВЕСНІК МДПУ імя І. П. ШАМЯКІНА

выгляду. Захаваўся яе фотаздымак, зроблены ў пачатку ХХ ст. Будынак царквы адзначаны на плане горада 1769 г., ён знаходзіўся ў канцы горада па Кіеўскай вуліцы (прыблізна раён гасцініцы «Прыпяць») [10, 21].

Асноўнымі сродкамі ўціску былі гвалтоўныя перадачы праваслаўных цэркваў уніяцкаму духавенству. У 1623 г. праваслаўная шляхта ў Літве, Падляшшы, Палессі, Валыні, Панізоўі, Беларускай Русі скардзілася Варшаўскаму сойму на тое, што «Русь грэцкага веравызнання ўсходняга абраду выключаюць з магістратаў, выганяюць з цэхаў, пазбаўляюць храмаў». Гэты зварот быў падпісаны прадстаўнікамі 40 гарадоў, у тым ліку і Мазыра. Так, да канца XVII ст. Пятніцкая царква ў Мазыры існавала як праваслаўная, а ў першай палове XVIII ст. ператвараецца ва ўніяцкую пры базыльянскім манастыры, які быў заснаваны на Яснай гары. У 1747 г. Мазырскі пратапоп Фёдар Савіцкі скардзіўся слуцкаму архімандрыту Іосіфу Аранскаму на тое, што ў яго падпарадкаванні засталося толькі 7 цэркваў з 50, астатнія ўжо захоплены уніятамі [14, 10].

З архіўных дакументаў вынікае, што ў канцы XVIII ст. праваслаўныя захавалі свае прыходы, іх у горадзе засталося 5: Спаская, Мікалаеўская, Раства-Багародзіцкая, Параскевіцкая, Міхайлаўская саборная цэрквы.

Аднак, па сведчанні П. М. Шпілеўскага, на час яго падарожжа ў 1858 г., пасля вялікага пажару ў 1856 г., у Мазыры было «православных церквей две - соборная, на высоком крутом кургане, к которому ведет длинная лестница с целой сотней ступеней, и приходская - Пятницкая. Обе церкви деревянные; по стилю наружной постройки и внутренних украшений, икон и куполов носят на себе отпечаток старины, если не глубокой старины» [6, 23].

Пры археалагічных раскопках у 2004 г. з удзелам студэнтаў УА «МДПУ імя І. П. Шамякіна» самай старажытнай - паўночна-заходняй часткі замчышча - быў знойдзены фундамент і царкоўны пагост з пахаваннямі. У дакументах XVII-XVIII стст., калі замак страціў абарончае значэнне, гара атрымала назву Спаскай, магчыма, з-за размешчанай на ёй царквы. На плане Мазыра 1769 г. [10, 19] на Спаскай гары адзначаны старажытныя могілкі і драўляная царква Праабражэння Гасподняга. Верагодна, Спаская царква існавала ўжо з самага пачатку засялення гарадзішча ў XII ст. Цяпер плануецца аднавіць Спаскую царкву на былым месцы.

Згодна з пісьмовымі крыніцамі, «под Замковой горой» знаходзілася царква св. Мікалая Цудатворца [10, 19], [11]. Цяпер прыблізна на тым месцы знаходзіцца Свята-Мікольская царква, размешчаная ў будынка былога Дома Абароны - помніка архітэктуры канструктывізму.

Каталіцкія храмы з’явіліся ў горадзе толькі ў першай палове XVII ст. Першымі прадстаўнікамі каталіцкіх рэлігійных арганізацый былі езуіты і бернардзінцы.

У 1616 г. мазырскім старастай Бальтазарам Стравінскім быў фундаваны касцёл Ушэсця Маці Божай - фарны. У 1723-1773 гг. пры касцёле дзейнічала езуіцкая місія, якая з 1726 г. трымала школу [15]. Вядома, што езуіты давалі вельмі грунтоўную адукацыю еўрапейскага ўзроўню. Архітэктурны помнік быў знішчаны маланкай у 1934 г. Зараз, магчыма, на яго падмурках знаходзіцца будынак ваенкамата (вул. Фрунзе).

Кляштар бернардзінцаў (цяпер Свята-Міхайлаўскі кафедральны сабор і рэзідэнцыя епіскапа Тураўскага і Мазырскага) - помнік архітэктуры барока - быў заснаваны 25 чэрвеня 1645 г. намеснікам Стэфанам Лозкай. Спачатку будынкі касцёла і прыбудаванага да яго з усходняга боку жылога корпуса былі драўляныя, якія пацярпелі ад пажару ў канцы XVII ст. У 1760-1778 гг. маршалак мазырскі Казімір Аскерка «адбудаваў касцёл з грунту» ў стылі позняга барока [16, 241]. Храм быў асвечаны ў гонар Міхаіла Архангела 16 ліпеня 1775 г. Пад алтарнай часткай знаходзіцца крыпта. У ёй хавалі заможных і найбольш паважаных жыхароў Мазыра. Да нашых дзён захавалася некалькі надмагільных пліт буйнога шляхецкага роду Аскеркаў. Кляштар быў зачынены расійскімі ўладамі пасля шляхецкага паўстання ў 1832 г. Будынак касцёла быў аддадзены пад праваслаўную царкву. Ён пасля пажару ў 1839 г. быў рэканструяваны. А ў 1865 г. сабор асвяцілі ў імя архістраціга Міхаіла [17, 108].

У межах сучаснай тэрыторыі Беларусі цыстэрцыянскіх кляштароў было толькі тры: два з іх - мужчынскі і жаночы - размяшчаліся ў Мазыры, у т. з. Анёльскай даліне (Кімбараўцы).

На пачатку XVIII ст. у горадзе быў створаны жаночы кляштар. Яго будынкі спачатку былі драўлянымі, а ў 1743-1745 гг. на сродкі Казіміра Сапегі (30 тыс. злотых) быў пабудаваны мураваны храм Св. Міхаіла Архангела. Манашкі былі пераведзены з Вільні, дзе да гэтага часу існаваў адзіны ў ВКЛ кляштар цыстэрцыянак. У 1750 г. прыстанак пацярпеў ад казакоў

ПСГОРЫЯ

41

падчас гайдамацкіх хваляванняў. Пры кляштары існавала школа для дзяўчынак, дзе выкладалі арыфметыку, музыку, гігіену, французскую і лацінскую мовы [17, 93]. У савецкі час кляштар быў сховішчам, інтэрнатам і спартыўнай базай. У 90-я гады ХХ ст. храм быў адноўлены і з’яўляецца дзеючым.

Мужчынскі прытулак цыстэрцыянцаў, заснаваны таксама ў пачатку ХУІІІ ст., меў значныя зямельныя ўладанні - юрыдыку ў в. Кімбараўка (18 дымоў) і 24 валокі зямлі ворнай і пад лесам. Мужчынскі цыстэрцыянскі кляштар быў скасаваны расійскімі ўладамі пасля паўстання ў 1864 г., а касцёл пераабсталяваны пад праваслаўную Свята-Троіцкую царкву [18, 187]. У будынку кляштара ў 1895-1920 гг. працавала першае буйное прадпрыемства ў Мазыры - запалкавая фабрыка, якая вырабляла шведскія запалкі. У 1899 г. на яе аснове было створана акцыянернае таварыства «Маланка» з асноўным капіталам 300 тыс. руб. Меркаваць аб памерах былога кляштара можна па наступных лічбах: у 1910-1913 гг. фабрыка мела 3 паравыя машыны (75 конскіх сіл), у 1911 г. на прадпрыемстве працавала 625 чалавек [19]. Кляштарныя будынкі ў нязменным стане яшчэ існавалі да 1928 г. - часу стварэнння мэблевай фабрыкі «Прафінтэрн». Сёння ў гэтых памяшканнях таксама працуе мэблевая фабрыка - адкрытае акцыянернае таварыства «Мазырдрэў» - і таму аб мінулай велічы мала што сведчыць.

Помнікам гісторыі горадабудаўніцтва лічыцца планіровачная структура Мазыра. Яна складвалася на працягу стагоддзяў пад уплывам мноства фактараў: унікальнасці ландшафту горада; размяшчэння на воднай артэрыі; скрыжавання сухапутных шляхоў. Сучасная планіровачная структура горада склалася яшчэ ў другой палове XVI ст. У дакуменце ад 1560 г. сустракаюцца назвы гарадскіх брам: Слуцкай, Кіеўскай і Оўручскай. Яны звязваюцца з вуліцамі: Оўручскай (сучасная вуліца Калініна), у пачатку якой знаходзіцца Оўручская брама; Свідоўскай (сучасная вуліца Ленінская), дзе размяшчаўся дом Свірыдовіча; «улица ад брамы Слуцкай аж брамы Кіеўскай» (сучасная вуліца Савецкая - па набярэжнай Прыпяці) [20]. На сённяшні дзень гістарычны раён Мазыра абмежаваны: на поўначы - берагам Прыпяці; на поўдні -узгоркі ўпоперак вуліц Ленінская, 17 верасня, Фрунзе, Калініна, Інтэрнацыянальная; на усходзе -вул. Я. Купалы; на захадзе - вул. Рыжкова.

Такім чынам, Мазыр мае унікальную старажытную спадчыну, якая адлюстроўвае гістарычныя падзеі не толькі регіёна, але і дзяржавы ў цэлым. Найбольш адметныя помнікі гісторыі і культуры горада ўключаны ў Нацыянальны рэестр помнікаў гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь:

1. Стаянка - 1 эпохі неаліта (4-3 тыс. да н. э.);

2. Стаянка - 2 эпохі неаліта (4-3 тыс. да н. э);

3. Гарадзішча ІХ-ХІ стст. - Кімбараўка, сучасная вул. Гогаля каля мэблевай фабрыкі;

4. Гарадзішча ХІІ-ХІІІ стст. - гара Камунараў;

5. Гістарычны цэнтр горада: будынкі і збудаванні, планіровачная структура, ландшафт і культурны пласт на тэрыторыі абмежаванай: з поўначы - набярэжная р. Прыпяць, з захаду -пл. Леніна і вул. Ленінская, з поўдня - завулкам Фрунзе, з усходу - вул. Калініна;

6. Комплекс былога кляштара цыстэрцыянцаў: касцел і гаспадарчыя пабудовы (1743-1745 гг., 1893-1894 гг.) - вул. Гогаля, 93;

7. Комплекс былога кляштара бернардзінцаў: касцёл і жылы корпус (першая палова XVIII ст.) - вул. Камсамольская, 14-16.

Вывады

Гісторыка-культурныя каштоўнасці Мазыра вызначаюць разнастайныя магчымасці для даследавання і папулярызацыі гістарычных ведаў, стварэння турысцкай зоны ў адпаведнасці з дзяржаўнай палітыкай у галіне ўліку і аховы гісторыка-культурнай спадчыны і развіцця турызму, акрэсленай законамі «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», «Аб турызме», пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб стварэнні турысцкіх зон». Згодна з гэтымі нарматыўна-прававымі актамі, Гомельскі абласны выканаўчы камітэт зацвердзіў схему развіцця турысцкіх зон Гомельскай вобласці і стварыў Палеска-Тураўскую культурна-турысцкую зону з тэрыторыямі Мазырскага, Калінкавіцкага, Жыткавіцкага, Нараўлянскага, Петрыкаўскага раёнаў з цэнтрам у Мазыры.

Далейшае вывучэнне гістарычнай спадчыны горада і раёна дазволіць стварыць навукова-практычную базу для развіцця турызму ў рэгіёне.

42

ВЕСНІК МДПУ імя І. П. ШАМЯКІНА

Літаратура

1. Залашка, Г. М. Кімбараўскае гарадзішча / Г. М. Залашка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. -1983. - № 4. - С. 37-38.

2. Трусаў, А. А. Новае пра старажытны Мазыр (па матэрыялах археалагічных даследаванняў 1981-1984 гг.) / А. А. Трусаў, Н. І. Здановіч // Сярэдневяковыя старажытнасці Беларусі. - Мінск : Беларусь, 1993. - 178 с.

3. Трусов, О. А. Мозырская камнерезная мастерская ХІІ - начала ХШ вв. / О. А. Трусов // Гомельщина: археология, история, памятники / О. А. Трусов. - Гомель, 1991. - С. 66-67.

4. Полное собрание русских летописей : в 35 т. / ред. кол. Л. В. Черепнин, М. Н. Тихомиров (гл. ред.) [и др.]. - М. : Просвещение, 1980. - Т. 35 : Волынская краткая летопись / Л. В. Черепнин [и др.]. -1980. - 489 с.

5. Живописная Россия. Отечество наше в поземельном, историческом, письменном, экономическом и бытовом значении : в 3 т. / под ред. П. П. Семенова. - Репринтное воспроизведение изд. 1882 г. - Мінск : БелЭн., 1993. - Т. 3 : Литовское и Белорусское Полесье / П. П. Семенов. -1993. - 550 с.

6. Шпилевский, П. Мозырщина / П. Шпилевский // Архивъ историческихъ и практических свъдънпй, относящихся до России, издаваемый Н. Каласковым. Книга третья (съ приложешемъ). -С.-Петербургъ, 1859. - 104 с.

7. Ткачёв, М. Замки Беларуси / М. Ткачев. - Минск : Беларусь, 2002. - 200 с.

8. Трусаў, А. А. Археалагічныя даследаванні / А. А. Трусаў // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. -1982. - № 2. - С. 39-40.

9. Інвентарнае апісанне м. Мазыр 1576 г. // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). -Ф. 694. - Воп. 2. - Спр. 4871. - Арк. 17-18 адв.

10. Крукоўскі, А. Я. Горад Мазыр і яго ваколіцы / А. Я. Крукоўскі // Наш край. - 1927. -№ 3. - С. 17-28.

11. План г. Мозыря 1825 г. // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). - Фонд 1477. -Воп. 1. - Спр. 1662. - Арк. 1.

12. Егоров, Ю. Градостроительство в Белоруссии / Ю. Егоров. - М. : Гос. изд-во по строительству и архитектуре, 1954. - 282 с.

13. Актыкацыя фундушавага запісу мазырскага земскага пісара Федара Абуховіча на заснаванне праваслаўнага жаночага кляштара з царквой Св. Параскевы ад 1615 г. 2 студзеня // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). - Ф. 1771. - Воп. 1. - Спр. 3. - Арк. 1116-1117 адв.

14. Никитин, А. Мозырь / А. Никитин, Е. Зальцман. - Минск : Беларусь, 1973. - 96 с.

15. Агульны візітацыйны вопіс касцёла за верасень 1867 г. // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). - Ф. 1771. - Воп. 1. - Спр. 3. - Арк. 2.

16. Габрусь, Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. -Мінск : Ураджай, 2001. - 287 с.

17. Кулагін, А. Н. Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыкл. даведнік / А. Н. Кулагін. - Мінск : БелЭн., 2000. - 216 с.

18. Кулагін, А. Н. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыкл. даведнік / А. Н. Кулагін. - Мінск : БелЭн., 2001. - 328 с.

19. Памяць: гіст.-дакум. хроніка Мазыра і Мазырскага р-на / уклад. М. А. Копач, В. Р. Феранц. -Мінск : Маст. літ., 1997. - 574 с.

20. Актыкацыя рэвізіі шляхецкіх пляцаў у м. Мазыры за 25 чэрвеня 1560 ад 17.06.1715 г. / Нацыянальны гістарычны архіў у г. Мінску. - Ф. 1771. - Воп. 1. - Спр. 4. - А. 7-8 адв.

Summary

Geopolitical position of Mozyr on the cross-road of water and land ways was reflected on historical and cultural development of the town, its polyconfession situation, its look and it left unique historic-cultural heritage, which reflects the main stages of Belarusian history in the whole and shows its regional characteristics. The most significant historical and cultural monument are included in the National register of historical and cultural monuments in Belarus. They are an ancient settlement of the Iron Age in Kimberovka, a castle on Communary mountain, Cisterian monastery in Gogol street, Bernardine monastery and others.

Паступіў у рэдакцыю 12.11.08.

i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.